Углядаюся ў мінулае. Яно расплываецца, як акварэль на вільготнай паперы. Вобраз дзеда зусім далёкі, як сон, нібыта мой дзед Валодзя і не адыгрываў той вызначальнай ролі ў маім становішчы, якую ён меў.
Капаю з дзедам Валодзем пограб. Сонца. Спёка. Пот у вочы цячэ. Дзед махае рыдлёўкай нараўне са мною і яшчэ распавядае пра тое, як працаваў грузчыкам на чыгунцы.
Пасля абеду я адмаўляюся капаць пограб, дзед дакопвае без мяне. Мусіць, трэба ведаць, як правільна трымаць у руках рыдлёўку.
Заўсёды, калі жыццё пераломлівалася, страчвала каштоўнасць, а жах і няпэўнасць авалодвалі маёй душой, згадваўся дзед, ягонае простае сялянскае жыццё. Я разумеў, што праца на зямлі не менш значная за дыпламатычныя пасады і кіраўнічыя рэгаліі.
Цяпер дзед Уладзімір – успамін. Мне цяжка пачуць ягоны голас. Даводзіцца доўга і напружана настройвацца, каб усё ж пачуць яго слова. Слова, сказанае голасам дзеда Валодзі. Яшчэ я чую яго. Яшчэ ўсё чую.
(144 словы)
Паводле А. Глобуса
Похожие статьи:
Пераказы → Сведкі мінулага
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма гістарычнага мінулага Беларусі ў сучаснай беларускай прозе
Сачыненні → Постаці далёкай мінуўшчыны
Ніл Гілевіч → Ніл Гілевіч - Лірычны каментарый да нашага радаслоўя
Сачыненні → Па старонках твораў пра мінулае