Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Адвечныя першапраходцы
За кожнай з прафесій замацоўваецца пэўны вобраз, які ствараецца ў штодзённым жыцці або ў сродках масавай інфармацыі. Археолаг у масавай свядомасці – гэта амаль што паўміфічны персанаж, што сустракаецца на экране тэлевізара, маніторы камп’ютара або на старонках кніг.
Як жа выглядае такі "ідэальны" археолаг? Каб адказаць на гэта пытанне, варта ўзгадаць кіна- альбо літаратурных персанажаў. Мабыць, першым прыйдзе на памяць шукальнік скарбаў у каўбойскім капелюшы з рэвальверам у руках, які перамагае ворагаў чалавецтва, супрацоўнічае са спецслужбамі, адшуквае легендарныя рэліквіі.
Падобны вобраз археолага-шукальніка скарбаў і разбуральніка легенд фарміруецца навукова-папулярнымі тэлевізійнымі перадачамі, дзе навукоўцы літаральна за некалькі дзён робяць сенсацыйныя адкрыцці і раскрываюць таямніцы мінулага. Такое імкненне журналістаў і аўтараў тэлеперадач зразумелае, бо яны павінны ўсімі сродкамі зацікавіць свайго гледача і ўтрымаць яго ўвагу да канца перадачы.
У масавай свядомасці ствараецца адпаведнае ўяўленне пра археолагаў як шукальнікаў скарбаў, жыццё якіх насычана прыгодамі і каштоўнымі знаходкамі.
У рэальнасці праца археолага выглядае інакш. Археалагічныя разведкі і раскопкі – найчасцей аднастайная і манатонная праца. Шматдзённыя пешыя разведкі, калі за суткі даводзіцца прайсці не адзін дзясятак кіламетраў у пошуках новых археалагічных помнікаў.
Раскопкі могуць працягвацца месяцамі, гадамі. Так, даследаванні паселішчаў эпохі бронзавага веку ў Віцебскай вобласці распачаліся яшчэ ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя і працягваюцца дагэтуль. З кожным новым палявым сезонам перспектывы завяршэння гэтых раскопак не набліжаюцца, а толькі аддаляюцца. Праца археолагаў – гэта маруднае і скрупулёзнае вывучэнне культурнага пласта. Галоўнае ў ёй – не пошук унікальных знаходак, а дакладная фіксацыя асаблівасцей залягання розных слаёў, размешчаных аб’ектаў і артэфактаў. Нават самая ўважлівая пераробка і выкарыстанне самых дробных інструментаў для разборкі культурнага пласта не гарантуюць, што драбнюткія знаходкі не будуць згублены. Таму ўвесь культурны пласт паселішча прасейваецца ці прамываецца на дробнаячэістых сітах, каб ніводная знаходка не была прапушчана. За палявы сезон прасейваюцца і прамываюцца сотні кубаметраў грунту.
Самая марудная і манатонная праца для археолагаў пачынаецца пры апрацоўцы выяўленых матэрыялаў. Звычайна яшчэ падчас раскопак у так званай "лабараторыі" знаходкі мыюцца і падпісваюцца. Пасля кожны артэфакт, незалежна ад яго памеру і каштоўнасці, замалёўваецца, фатаграфуецца і дэталёва апісваецца. Па выніках даследаванняў штогод складаецца грунтоўная справаздача, у якой падрабязна апісаны кожны момант раскопак і кожная знаходка.
Што можа прыцягваць людзей у такой працы? Адказ просты. Вабіць рамантыка, сутнасць якой – не ў неверагодных прыгодах і фантастычных знаходках, а ў магчымасці зазірнуць у мінулае, дакрануцца да рэчаў, якімі карысталіся нашы далёкія прашчуры сотні і тысячы гадоў таму. Такім чынам нібы наладжваецца размова, каб паспрабаваць зразумець, пра што нашы продкі думалі і адчувалі. Што можа быць больш фантастычным, чым паразмаўляць са сваімі далёкімі продкамі, пачуць аб іх штодзённых клопатах, турботах і маленькіх радасцях? Пачуць і распавесці сваім сучаснікам і нашчадкам. Дзеля такой магчымасці варта прасейваць сотні кубаметраў пяску. Адчуванне непарыўнай сувязі паміж усімі пакаленнямі людзей, што жылі на нашай зямлі, немагчыма замяніць нічым. Кожны новы палявы сезон, новая знаходка раскрываюць перад намі новыя далягляды мінулага і робяць нашу сувязь з роднай зямлёй усё больш моцнай.
Так і праходзіць жыццё археолага, жыццё сапраўднага рамантыка – адвечнага першапраходца на шляхах гісторыі, які мае таямнічую здольнасць размаўляць з продкамі і перадаваць іх запаветы сучаснікам і нашчадкам.
(496 слоў)
Паводле М. Плавінскага.