Стаяла чыстая летняя ноч, цёмнае неба абняло ўсю зямлю, бледныя бляскі месяца паўзлі па лісці.
І вось спакойны, глыбокі сон раптам парушыўся жудасным начным звонам. У вёсцы ўзняўся пажар, перапужаныя людзі беглі да яго.
Страха Пракопавай хаты ўжо ўся была ахоплена полымем. Сам гаспадар, разгублены, мітусіўся каля хаты; відаць было па ім: ад раптоўнага страху анямела сэрца, абамлелі рукі і ногі. З грамады хтось крыкнуў: «Ратуйце дзетак, у хаце засталіся». Ачуняў адразу Пракоп, успомніў пра дзетак і кінуўся, абуджаны нейкай нястрымнай адвагай, у ахопленую агнём хату.
Застылі ад страху людзі, здавалася ўжо ўсім: Пракоп і яго дзеткі навекі зніклі ў моры агню, адтуль ім няма звароту. Сэрцы ў людзей замерлі. А вочы ўсё глядзелі ў тыя дзверы, куды ўскочыў бедны Пракоп.
Прайшла цяжкая бязмоўная хвіліна, паказаўся ў акне Пракоп, несучы ў абсмаленай посцілцы сонных дзетак. Гоман падняўся між людзьмі, чуваць быў адусюль плач... Дзетак выратавалі.
Яшчэ раз выкінуў Пракоп праз акно нешта, не зважаючы на крык людзей, каб ён ратаваўся. Не далятала да вушэй Пракопа ні адно слоўца: страціўшы ўжо прытомнасць, ён нічога не бачыў і не разумеў.
Сцішэла ўсё, толькі трэск ад гарэлага дрэва разыходзіўся ў начной цішы.
Вось апошні раз паказаўся ў акне Пракоп. У абгарэлым твары яго ўжо не відаць было той іскры, якая была ў хвіліны змагання за жыццё дзетак. Засланіўшы рукамі твар свой, ён нібы збіраўся выскачыць праз акно. Але застагнала столь, самкнуліся бэлькі, хваляй ірвануўся агонь…
Пракопа пахавалі.
Сцюдзёная зямля прытуліла бедака, а вецер усю ноч, быццам злуючы на людское сумленне, растрасаў сухое апалае лісце.
(252 словы)
(Паводле У. Галубка)
Похожие статьи:
Алена Васілевіч → Алена Васілевіч - Пажар
Пераказы, дыктанты → Выратаванне
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Пажар