На свята мама засцілала стол абрусам. І адразу святлела ў хаце і на душы. Сярод розных прысмакаў сонцам ззяў на белым палатне залацісты бохан хлеба. А каляровыя ўзоры па краях абруса і ў марозны дзень пахлі летам.
Абрус – тканіна, якой засцілаюць стол. Звычайна абрус складаўся з двух кавалкаў ільнянога палатна. Пасярэдзіне яны былі злучаны ажурным швом. Краі абруса часам упрыгожваліся махрамі – распушанымі ніткамі або шнуркамі.
Абрусы звычайна ткалі на кроснах. Белае поле аздаблялася раслінным арнаментам, крыжыкамі, клетачкамі, шырокімі або вузкімі палоскамі. Цешылі вока з густам падабраныя колеры аздобы. Узор мог быць блакітнага, зялёнага, чырвонага, жоўтага, фіялетавага і іншага колеру.
Сучасныя абрусы вырабляюць з ільняных, баваўняных і шаўковых нітак. Заходзь у краму, выбірай любы і засцілай ім стол.
(118 слоў)
(Паводле М. Маляўкі)