Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Абразкі з дзяцінства

   Пачуццё бацькаўшчыны пачынаецца з усведамлення, што родны кут – найлепшы ў свеце. Неадступныя думы пастаянна вядуць мяне на Магілёўшчыну, у Шклоўскі раён, дзе ў зялёнай і вечна святочнай вёсцы Нова-Аляксандраўка я нарадзіўся. І хоць я ўдосталь наглядзеўся на хараство зямлі, магу, паклаўшы руку на сэрца, кожнаму давесці, што такога здаровага паветра, гаючай вады і лагоднага сонца я не сустракаў нідзе.
   Вось – некалькі абразкоў з дзяцінства.
   Расчыніш акно – і ў хату ломіцца бэз. Ці то ад хмельнай квецені, ці то ад слабасці кружыцца галава, зняможана прыпадаеш да падушкі і ў вачах – адно неба. Такое празрыстае і тонкае, што яго, здаецца, можа рассеч імклівы цень ластаўчынага крыла, і тады гэта загадкавая шыбіна асыплецца шкляным дажджом на кволы яблыневы цвет і ўжо ніколі не дачакаешся крамяных антонавак.
   І зноў – успамін. Вятрыстая раніца. Струменіцца паветра ў палявой далечы. Я трымаюся за грыву высачэзнага каня, якога бацька вядзе за аброць. З мяхоў дзядзькі насыпаюць жыта ў ліпавыя сявенькі, абвязаныя вышытымі ручнікамі, кашулі на сейбітах – гармонікамі. Гэта – сяўба.
   А пасля быў луг з сярдзітымі чмялямі, дзе хораша схавацца з галавой і заблудзіцца сярод рамонкаў; лес, што вабіў таямнічымі вываратнямі, дупламі і незлічонымі гнёздамі; цяністыя джунглі гароху, у якім, зашыўшыся, добра ласавацца, не пакідаючы голасу. І, галоўнае, былі незабыўныя святы – касьба і жніво. Дагэтуль у маіх грудзях не моўкне прамяністы перазвон кос і соладка тае шырокая і няўлоўная журботная жніўная песня – найвялікшыя напевы зямлі.
   Я ведаў птушак па галасах, мог распазнаць дрэва па шолаху.
   Можна сказаць, што ў тыя дні ў мяне было ледзьве не язычаскае светаўспрыманне. Гэта – памятна, але слава дзвярам бацькоўскай хаты, якія ніколі не зачыняліся перад добрым чалавекам, хвала залатой саламянай страсе, пад якой знаходзілі прытулак многія людзі, каго прывёў сюды дажджлівы вецер ці дзябёлы мароз. Колькі і чаго ні наслухаешся ў бясконцыя вечары!
(289 слоў)

Паводле С. Гаўрусёва

 

Похожие статьи:

ПераказыСцяжыны дзяцінства

ПераказыУспаміны дзяцінства

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Развітанне

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Там, дзе сонца ранняе...

ПераказыУспаміны дзяцінства