Стужка "Лісты да жывых" знята на "Беларусьфільме" ў тысяча дзевяцьсот шэсцьдзясят чацвёртым годзе. Сёння на афіцыйным акаўнце кінастудыі фільм можна паглядзець цалкам. Яго адрэстаўравалі і алічбавалі. Аўтары натхняліся вобразам Веры Харужай. Увесь фільм – гэта лісты, што знайшлі ў тайніку пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.
На пачатку фільма галоўнай гераіні Вераніцы Карчэўскай каля дваццаці гадоў. Яна весела смяецца, умее быць ласкавай да любімых і жорсткай да ворагаў. Зноў і зноў Вераніка сутыкаецца са здрадай. Знаходзіцца правакатар сярод падпольшчыкаў, не вытрымлівае адзіноты муж, дачка кідае ёй у твар незаслужаныя абвінавачванні. Што ж падтрымлівае яе, не дае здацца? Мабыць, вера ў правільнасць і святасць справы, якую яна робіць. Вераніка – гэта ж тая, што верыць у перамогу. Ці ў якой перамагае вера.
Здзіўляе фільм і шматмоўем. Нямецкая ці польская мовы, што гучаць там, не перакладаюцца ні субцітрамі, ні закадравым голасам. Але і без перакладу можна зразумець шчымлівую песню пра рэчку, якую спяваюць жанчыны ў турме, у той час як галоўныя героі ідуць насустрач адно аднаму заблытанымі лабірынтамі. Увогуле героі рухаюцца часам быццам у балеце. Вось Вераніка праходзіць праз шэраг дзяўчат у белых убраннях, вось яна корміць немаўля, а вось – сцэна без святла, толькі голас у цемры, які гаворыць пра любоў да свайго народа.
Любоў, а яшчэ надзея і вера – тое, што дапамагае гераіні перажыць самыя цяжкія часы, выйсці жывой з самых цяжкіх выпрабаванняў і нават на парозе смерці думаць пра жыццё, адчуваць яго кожнай часцінкай душы, кожнай клеткай цела.
(240 слоў)
Паводле Н. Сіроткі