Вялікая ёлка сярод пакоя была абвешана залатымі і сярэбранымі яблыкамі. На ўсіх галінках, нібы кветкі, раслі цукровыя арэхі, стракатыя цукеркі і ўсялякія ласункі. Але больш за ўсё ўпрыгожвалі дрэва сотні маленькіх свечак. Яны, нібы зоркі, мігцелі на цёмных галінках. Ёлка так і спакушала сарваць кветкі і плады, якія раслі на ёй.
Вакол дрэва ўсё стракацела і ззяла. Мары ўбачыла багата адзетых лялек, прыгожы цацачны посуд. Больш за ўсё ўзрадавала яе прыгожая шаўковая сукенка. Сукенка была ўмела аздоблена каляровымі стужкамі. Яна вісела так, што Мары магла любавацца ёй з усіх бакоў. Яна любавалася ёй і паўтарала: "Якая прыгожая, якая мілая сукенка! І мне дазволяць, сапраўды дазволяць яе надзець!"
(108 слоў)
Паводле Э. Гофмана