Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Шум хваль

   Часта, седзячы за гулкай машынаю, робячы даўно вядомую работу, Надзя як бы забывалася, дзе яна сядзіць. Перад вачыма паўставала маленькае спякотнае сонца ў надзвычай высокім глыбокім небе, блакітнае ўспененае мора. Надзя зноў і зноў чула рытмічны шум хваль, шоргат прыбярэжнай галькі, калі з яе збягала ўспененая вада, чула тую мелодыю, якую вечарамі гралі на танцавальнай пляцоўцы, абсаджанай высокімі стромкімі кіпарысамі. Надзя ўсміхалася. Збоку, відаць, было дзіўна бачыць, як невядома чаму, гледзячы на цёмную матэрыю, сярод стуку і ляскату машын усміхаецца загарэлая да чарнаты жанчына.
   Там, на поўдні, перад самым ад’ездам у Надзі адбылося знаёмства з адным чалавекам. Ён толькі-толькі прыехаў адпачываць. І хоць яшчэ нічога не было сказана, але Надзя разумела, адчувала, што калі б яшчэ які тыдзень пасустракалася з тым чалавекам, то і невядома, чым і як закончылася б тое знаёмства. У іх яшчэ ўсё было на самым пачатку. Многае было няясным і ад таго, можа, нават і залішне прыгожым, загадкавым. Але трэба было ехаць дадому, пара выходзіць на работу. Надзі было нават крыўдна, думалася, што тады, як нешта добрае наладжваецца ў жыцці, ад яго прыходзіцца адракацца, і часта не па сваёй волі. У яе жыцці ўжо неаднойчы было такое. У гэтым Надзі бачылася несправядлівая заканамернасць жыцця. Яе можна ведаць, але супраць нічога не паробіш.
   Спачатку, у першыя дні пасля водпуску, Надзя ўсё думала пра таго чалавека. Ёй усё ніяк не верылася, што ніколі з ім не сустрэнецца. Але мінуў тыдзень, другі. Нешта забылася, згладзілася. Ды і твар таго чалавека размыўся ў памяці. Але затое болей яркім зрабілася адчуванне белага спякотнага сонца, гарачыні, шуму хваль. Яны, пабліскваючы пенаю ў святле месяца, набягаюць і набягаюць на цёмны бераг.
(268 слоў)

Паводле В. Гігевіча

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыХвалі