Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Штучны інтэлект па-беларуску

   Ад розных аўтараў, выданняў, на розных пляцоўках і мовах ідзе абмеркаванне этыкі выкарыстання, развіцця і магчымасцей штучнага інтэлекту. Неабходна адзначыць, што яго тэхналогіі выкарыстоўваюцца не толькі ў мадэлі "пытанне – адказ" і генерацыі малюнкаў на запыт, а таксама і ў праектаванні складаных сістэм машынабудавання, медыцыны, у банкаўскай і іншых сферах.
   Вялікі ўклад у развіццё беларускага штучнага інтэлекту ўнёс Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Інстытут з’яўляецца распрацоўшчыкам карыснага праекта, які дапаможа нам у штодзённым жыцці. Гэта галасавы асістэнт.
   Галасавы асістэнт – гэта беларускамоўны дапаможнік з мноствам роляў і магчымасцей. Інстытут распрацоўваў яго каля года: канцэпцыю, механіку, візуальнае афармленне, серверную частку, сінтэз і распазнаванне маўлення, пераклад. Асістэнт быў створаны і распрацаваны на базе чата GPT каб стаць зручнай прыладай для людзей. Карыстацца беларускай "Алісай" можна дома з камп’ютара, а можна трымаць яе пад рукою. Для гэтага неабходна спампаваць дадатак на тэлефон.
   Між тым гэта не стандартная нейрасетка. Яна мае свае асаблівасці. Па-першае, у чаце можна камунікаваць з нейрасябрам услых. Задаяце пытанне – і атрымліваеце адказ голасам прафесійнага дыктара. Калі нешта прапусцілі, то можна прачытаць у чаце.
   Па-другое, ёсць магчымасць "апрануць" вашага субяседніка ў ролю. Напрыклад, калі неабходна згенераваць маркетынгавую стратэгію, абіраем ролю "спецыяліст па маркетынгу". Адкрыць для сябе новыя рэчы дапаможа "настаўнік", а "пісьменнік" можа дапамагчы вам у вывучэнні "сілы апавядання" і таго, як яе выкарыстаць для ўздзеяння на аўдыторыю.
   Ёсць яшчэ шмат роляў: "архітэктар", "бізнес-аналітык", "праграміст", "аўдыястэнаграфіст", нават "кансультант па кодэксах Беларусі". Неверагодна, але нават сам Францыск Скарына (электронны) можа пазнаёміць вас са сваім жыццём.
   Атрымліваецца інфармацыйны прадукт, аналагаў якому на беларускай мове няма. Галасавы асістэнт не толькі дапаможа ў паўсядзённых побытавых запытах, у самаразвіцці, але і можа стаць добрым субяседнікам для таго, каб практыкавацца ў беларускай мове.
(280 слоў)

Паводле М. Небышынца