Цыбуля мядзведжая (чарамша) – дэкаратыўная, лекавая, меданосная і харчовая расліна, колькасць якой хутка скарачаецца.
Чарамша – шматгадовая травяністая расліна з адзінкавай вузкай белай цыбулінай і трохграннай кветаножкай вышынёй пятнаццаць – сорак сантыметраў. Лісце шырокае, паступова звужанае ў чаранок. Кветкі белыя, накшталт зорачак, з шасцю завостранымі пялёсткамі, сабраны ў густы парасонік. Плод – трохгранная каробачка. Насенне чорнае.
Мядзведжая цыбуля цвіце ў маі – чэрвені, пладаносіць у чэрвені – ліпені. У канцы ліпеня заканчвае вегетацыю. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Цыбуля мядзведжая пашырана ў Сярэдняй і Атлантычнай Еўропе, Скандынавіі, Міжземнамор’і, Малой Азіі. У Беларусі трапляецца спарадычна па ўсёй тэрыторыі. Дакладна вядома больш за пяцьдзясят месцаў росту, у асноўным у заходніх і цэнтральных раёнах краіны.
Расліна расце ў шыракалістых лясах, у далінах невялікіх ручаёў і рэчак, сярод балот, у поймавых дубровах, забалочаных беразняках. Расце вялікімі групамі, зрэдку ўтварае суцэльныя зараснікі на плошчы да некалькіх гектараў.
Вырошчваецца ў Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства ў Мінску, а таксама на прысядзібных участках.
Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім запаведніку, у некаторых батанічных заказніках. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з тысяча дзевяцьсот восемдзесят першага года.
(181 слова)
Паводле Чырвонай кнігі Беларусі