Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У Нясвіжы

   Пакуль горад захоўвае хоць адну адмету сваёй маладосці, ён не скарыўся ўзросту. Таму і выглядае Нясвіж юнаком, нягледзячы на стагоддзі.
   З гэткаю супярэчлівасцю мусіш-такі згадзіцца і, уважаны неспадзяванай высновай, пачынаеш лепш узірацца ў абрысы ацалелай тут старасветчыны. Яна (зноў жа парадокс!) сведчыць пра пару малалецтва і сталасці горада.
   Жыхары Нясвіжа заўсёды любілі казаць трохі з гумарам, трохі з іроніяй: "У Нясвіжы, як у Парыжы".
   Я не быў у Парыжы, таму зрэдзьчас еду ў Нясвіж – дабраць нязбытных уражанняў, адчуць цеплатворную плынь часу і быццам скінуць з сябе вагу стагоддзяў.
   Калі першы раз трапляеш сюды і калі твая душа прагне прыемных эмоцый, падбадзёрыцца ўражаннямі нязведанага, зазвычай лёгка, без экскурсавода зарыентуешся, куды павярнуць, каб патрапіць у самае сэрца Нясвіжа. І замак, і задумлівы парк, і люстэркі азёраў прыцягваюць, як магніт, як праява.
   З першага кроку жывеш прадчуваннем цуду. Хроніка Нясвіжа тоіць у сабе незлічонае мноства падзей, здарэнняў, сведчанняў, фактаў. Можа, таму і гістарычныя вулкі ў атачэнні знакамітых муроў, і сцежкі слыннага парку, падуладныя ўражліваму слыху, ажываюць з гукамі даўніны. А насустрач выходзяць, нібы павітацца з табою, постаці-здані. Тысячы таямніц чакаюць людскіх дакрананняў да гісторыі. Тысячы лампадак гатовыя ўспыхнуць у памяці нашчадкаў.
   У Нясвіжы створаны нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік "Нясвіж". Ён будзе ўяўляць сабою самавітую структуру музейнага тыпу. Мяркуецца зрабіць "маленькі Парыж" цэнтрам айчыннага і міжнароднага турызму з цэлым шэрагам новаўтвораных аб’ектаў: галерэяй нацыянальнага мастацтва, тэатрам драмы, оперы, балета, архівам, бібліятэкай, музейнымі экспазіцыямі.
   Нясвіж сілкуе творчай энергіяй не толькі сваіх жыхароў, але ўсіх, хто едзе сюды дакрануцца да спадчыны, пабыць сам-насам з красамоўнай гісторыяй. У Нясвіжа годная будучыня. Гэты горад заслужыў у нашчадкаў пашану.
(250 слоў)

Паводле В. Дранчука