Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У зімовым лесе

   І вось аднойчы, марозлівым зімовым днём, выбралася Ніна з сяброўкамі на лыжах – заехалі ў лес. Дзень быў ветраны, а ў лесе ўладарыла цішыня. Ніна спынілася, пачуўшы перастук дзятла па звонкай сухастойцы. Дзяцел раптам сціх, быццам натыкнуўся дзюбаю на асколак снарада ці бомбы. Ніна ведала, што тут, пад Чавусамі, фронт стаяў з восені сорак трэцяга да чэрвеня сорак чацвёртага. Колькі палегла тут хлопцаў, мала старэйшых за яе...
   Цішыня ў лесе. Вось, быццам камяк снегу з чорным пер’ем, прашмыгнула сарока: нават чутно, як разразае яна крыллем настылае паветра. А паветра... О, якое паветра ў зімовым лесе! Удыхнеш – аж ноздры трапечуць і зліпаюцца і ўсё цела наліваецца бадзёрасцю. Сэрца весела тахкае ў грудзях, кроў мацней пульсуе ў жылах. А як хораша думаецца ў зімовым лесе! Дробязнае і нікчэмнае нібы асядае на сподзе душы, затое ўсплываюць думкі пра вечнае і высокае, пра мінулае і будучыню. Вядома ж, калі жыццё толькі пачынаецца, усе думкі пра будучыню.
   А яшчэ зімовы лес уразіў Ніну бялюткаю чысцінёю. Усе пні, гнілыя, трухлявыя, стаялі пад снегавымі шапкамі, быццам малайцы-снегавікі. Усякае ламачча, гнілое прэлае лісце – усё прыхарошана, заслана бялюткай коўдраю. Малая хвойка, нахіленая пад цяжарам снегу, падалася падобнай... да пінгвіна.
(190 слоў)

Паводле Л. Левановіча

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыУ лесе (Паводле М. Гарэцкага)

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Сон у лесе

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - У панскім лесе

Казкі ЖыццяЯкуб Колас - Стары лес

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вартавы цішыні