Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У восеньскай вадзе

   Даўней на гэтым месцы, мабыць, было возера. Назва лугу засталася незямная – Возера. Пачынаўся луг адразу ў канец вёскі шырока і роўна. Толькі два ўзгорачкі высіліся над ім – палянкі.
   Дні тады стаялі цёплыя, нават душнаватыя. Не толькі луг, але і ўся вёска пахла прывялаю атаваю, а потым і сухім сенам. Сена, каб схаваць у хлявы да дажджу, вазілі цэлы дзень. Вазілі нават познім вечарам, калі стала цёмна і ўзышоў вялікі месяц.
   Ад лёгкае расы памякчэла пад нагамі кароткая тугая пакоша. Зажурыўся белаватым смуткам нешырокі начны далягляд з рэдка пастаўленымі копамі і адзінокімі кустамі, што раслі бліжэй да рэчкі.
   Якраз тут, на Возеры, была глыбокая завоіна – шырокі плёс, дзе і конь мусіў плысці. Вакол завоіны раслі кусты. Нізкі бераг быў выслізганы і вытаптаны мокрымі нагамі.
   Каляда пастаяў, дзівячыся спакойнаму густому водсвету восеньскае вады, потым асцярожна, мацаючы нагамі хрумсткае, з тугога мыльцу дно, ступіў у ваду, густую ўжо, восеньскую. Сцепануўся ад холаду, але ішоў наперад, туды, дзе роўна, як шкло, ляжаў водсвет поўні. Нейкая слодыч была ў жаданні паплысці, парушыць гэтую спакойнасць. Вабіла белая месячная сцяжына на вадзе. І Каляда, як толькі пачуў, што лізнула нагу слізкая пасма водарасцяў, плашчаком упаў на ваду і паплыў шырокімі моцнымі сажонкамі, прыслухоўваючыся толькі да вады і да свайго здаровага кожным мускулам цела.
   Калі вярнуўся назад, стаў на беразе, не адчуваючы холаду. Горача і молада звінела ў целе кроў. Радасна было глядзець, як хвалюецца і не можа супакоіцца і застыць вада.
   І толькі калі адзеўся, расчасаў валасы, адчуў, што над рэчкаю выплывае туман. Сцепануў плячыма і пайшоў да вёскі. Чым далей адыходзіў ад рэчкі, тым больш здавалася, што зноў уваходзіў у ваду, толькі цёплую і нячутна мяккую.
(270 слоў)

Паводле А. Жука