Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Талент любіць і верыць

   Віктар Шматаў – вядомы сучасны мастак. Ён аўтар цудоўных, лаканічных, шматзначных нацюрмортаў, псіхалагічна дакладных партрэтаў, лірычных краявідаў і філасофскіх кампазіцый.
   Сусветную славу мастаку прынесла серыя карцін "Чарнобыльская трагедыя". Кожная работа ў гэтай серыі – гэта сімвал, лёс, цэлая паэма чалавечага жыцця. Асабліва вылучаецца з серыі партрэт маці. Можна сцвярджаць, што ён стаў для мастака своеасаблівым абразом. У вобразе маці, з аднаго боку, адчуваецца строгасць, стрыманасць, глыбіня. З другога боку, ёсць неверагодная лёгкасць, пачуццё свежага паветра.
   Кампазіцыя партрэта здаецца нескладанай. Маці стаіць на пагорку. І дарога, і лясы, і рэчка – усё як бы сцелецца ёй пад ногі. Але гэта толькі на першы погляд. Прыгледзьцеся лепш, і вы ўбачыце, што яна не стаіць. Яна крочыць насустрач вам, белы фартух і белая хусцінка спавіваюць яе святлом. А аблокі на фоне трывожнага неба здаюцца лёгкімі крыламі, што ўзносяць жанчыну над зямлёй. У поглядзе маці і нават у гэтым жэсце, якім яна прытрымлівае ўсхопленую ветрам хустку на плячах, адчуваецца характар. Гэта жанчына, пэўна ж, умее быць цвёрдай, рашучай, моцнай, калі трэба. І моц гэту яна бярэ ад роднай зямлі, з якой вырастае, узносіцца да неба.
   Глядзіш на карціну і не сумняваешся, што такая маці здолела перадаць свайму сыну талент любіць сваю Радзіму і верыць у сваю зямлю, у свой народ.
(207 слоў)