У старажытнай Рэчы Паспалітай, часткай якой з’яўлялася наша старажытная дзяржава Вялікае Княства Літоўскае, важным саслоўем была шляхта. Менавіта шляхціцы валодалі асноўнымі дэмакратычнымі свабодамі – правам абіраць і быць абранымі ў органы дзяржаўнага кіравання, вызначаць унутраную і знешнюю палітыку. Іх лад жыцця, стыль паводзінаў былі мадэльнымі для гараджан, местачкоўцаў, заможных сялян. Галоўнымі адметнымі рысамі шляхты, акрамя, зразумела, наяўнасці дваранства, было права мець уласны герб і насіць зброю.
Сярод старашляхецкай зброі Рэчы Паспалітай шабля займала выключнае месца. Гэты від халоднай зброі ператварыўся ў сімвал шляхецкага саслоўя.
Пра вялікае значэнне шаблі ў светапогляднай сістэме шляхты, сарматызме сведчыць яе ўваходжанне ў рытуалы, у тым ліку і сакральныя, каталіцкія, узнікненне досыць спецыфічных звычаяў, такіх, як выманне шаблі да паловы з ножнаў перад Евангеллем падчас службы ці праслухоўванне імшы ў поўным узбраенні з узнятай шабляй. Пры пахаванні знакамітага нябожчыка, які, на думку грамадскасці, не адпавядаў паняццям гонару, годнасці, разам з сімваламі ўлады, пячаткай ламалі і яго зброю. Увогуле, вялікае значэнне шаблі для шляхты звязана з тым, што яна ўвасабляла ваенную справу, а таксама асабістую свабоду і недатыкальнасць – асноўныя пастулаты шляхецкага менталітэту.
Вялікай павагай ва ўсім свеце карысталася турэцкая шабля з дамаскай сталі. На ёй звычайна былі выгрывіраваны цытаты з Карана. Найбольш крывая шабля называлася серпентына.
Ніколі не выкарыстоўвалася ў баі і вельмі рэдка ўжывалася ў паядынках парадная карабэла, імпартаваная з-пад Багдада ці мясцовай вытворчасці. Гэта была лёгкая, вузкая зброя з багата аздобленай ручкай з агату, аметысту, замацаваная залатымі цвікамі. Карабэла досыць часта сустракаецца на парадных магнацкіх партрэтах.
(240 слоў)
Паводле І. Вугліка