Сымон Будны – наступнік Скарыны ў справе друкавання кніг і пашырэння асветы сярод народа. Ён адзін з найбольш адукаваных людзей свайго часу, ведае польскую, чэшскую, італьянскую, лацінскую, грэчаскую, старажытнаяўрэйскую мовы. Але больш за ўсё ён любіць сваю родную мову.
Сымон Будны заклікае шанаваць народную мову, змагацца за свабоднае развіццё навукі і пашырэнне ведаў сярод простых людзей. Нялёгка прыходзіцца першым асветнікам, пачынальнікам друкарскай справы, змагарам супраць цемры і адсталасці, супраць сярэдневяковай схаластыкі. Іх праследуюць, цкуюць, кідаюць у турмы, часам нават паляць на вогнішчы.
Такія людзі, як Сымон Будны, не могуць доўга жыць на адным месцы. У далейшым ён пакіне Нясвіж, таксама як перад тым пакінуў Клецк, і ўцячэ ў Лоск. Там ён заснуе новую друкарню.
Польскія ўлады схопяць Буднага і пасля пабояў і здзекаў кінуць у рэчку. Але ён выратуецца.
(130 слоў)
Паводле В. Вольскага