Міндоўг, як, бадай, кожны літоўскі князь, ведаў толк у паляванні, змалку любіў яго. Мужчыны ўсхвалявана пачалі абмяркоўваць заўтрашнія ловы. І толькі Ганна-Паята, самотная душа, сядзела на сваёй канапе, рабіла выгляд, што ўважліва слухае іх, а думкі былі далёка-далёка адсюль, у нейкім захмар’і. Нездарма кажуць, што моль адзенне есць, а смутак – чалавека. У думках варуцкай княгіні – заліты гарачымі промнямі Афон, блакітнае ціхае мора, белыя сцены манастыроў, на якіх раскашуецца, лезе ўверх ап’янелая ад сонца вінаградная лаза. Там, у той сонечнай цішыні, – смуглыя велікавокія людзі, што харчуюцца мёдам дзікіх пчол і акрыдамі, маладой смажанай саранчой. Як хацелася ёй туды з гэтай лясной глушэчы, ад крыві і страху, ад бясконцых незразумелых войнаў. Там ёсць месцы, дзе нават забаронена араць зямлю, бо зямля – жывая, і саха земляроба можа прычыніць ёй боль.
(127 слоў)
Паводле Л. Дайнекі