Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Старажытны звычай

   Дасягнуўшы паўналецця, юнакі-крывічане здавалі своеасаблівыя іспыты на мужчынскую сталасць. Ім трэба было пераплысці хуткую і глыбокую раку, зрабіць доўгі пешы пераход праз пушчу, упаляваць тура, мядзведзя або зубра. А яшчэ абавязкова трэба было расказаць супляменнікам пра сваіх продкаў да пятага калена. Хто не ведаў іх, той не меў права звацца мужчынам. Такому чалавеку не давяралі, яго маглі асудзіць на выгнанне, бо лічылася, што бяспамятны лёгка зробіцца здраднікам.
   Ці шмат хто з нас, сённяшніх нашчадкаў крывічоў, распавядзе пра свой род хоць бы да трэцяга пакалення?
   Дык, можа, паспрабуем адрадзіць гэты звычай у нашых сем’ях?
   Кім былі вашы дзяды, прадзеды? Якая памяць засталася ад іх?
   Беражыце старыя дакументы. Занатуйце ацалелыя імёны, усе звесткі пра свой род. Некалі гэтыя запісы будуць з гонарам працягваць вашы дзеці, унукі.
   Сёння радавод шмат у каго можа атрымацца вельмі кароткім, але ўсё адно адбудзецца дзіва: дзяды пачнуць дапамагаць вам.