Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Смерць і нараджэнне

   Ігнат захацеў выкупацца. Нагледзеўшы зручную мясціну каля самага берага, ён пачаў распранацца. І тут яго воку адкрылася такое відовішча, якое ён бачыў першы раз у жыцці.
   Увесь пясчаны бераг быў усеяны слюдзянымі бліскаўкамі. Здавалася, тысячы і тысячы стракоз сабраліся тут з усіх канцоў зямлі.
   Усеўшыся на самым ускрайку берага, Ігнат разгадаў таямніцу гэтай страказінай навалы. ён угледзеў цёмна-шэрых казюрак. Яны цэлымі атрадамі плылі па дне, трымаючыся берага. Потым казюркі выпаўзалі з вады, узбіраліся на абсушаны каменьчык і, прыклеіўшыся да яго сваімі танюткімі ножкамі, адразу заміралі. І вось адбываецца цуд.
   У нерухомай казюркі пачынае ўсё болей і болей набухаць спінка. І раптам з яе вылузваецца нешта светла-зялёнае. Прыгледзеўшыся, Ігнат пазнаў у гэтым звычайную страказіную галаву. А за ёй выцягваюцца тулава і слюдзяныя крыльцы. І вось ужо сядзіць на каменьчыку страказа. А яе светла-зялёныя вочы цямнеюць, робяцца бронзава-зялёнымі. Страказа ўжо варушыць крыльцамі, спрабуючы скрануцца з месца. І вось яна ўздымаецца ў паветра насустрач сонцу.
   Ад казюркі, што нарадзіла гэтую прыгожую страказу, засталася толькі празрыстая шкарлупінка. І тысячы іх ляжаць на ўгрэтым пяску.
(173 словы)

Паводле М. Лынькова