Даўным-даўно ў беларускіх лясах было шмат звяроў і птушак, а ў рэчках і азёрах вадзілася незлічоная колькасць рыбы. І лясы, і рэкі мелі сваіх цароў, якія сцераглі іх ад паляўнічых і рыбакоў. Паляўнічыя выбіраліся за здабычай, але вярталіся з пустымі торбамі. Рыбакі ўсяляк спрабавалі ставіць сеткі ў рэкі ды азёры, але заўжды пуста было ў іх.
Кожная вялікая рака і буйное возера мелі свайго цара. Нават невялікія рачулкі, азёры, сажалкі і раўчукі былі пад абаронай якога-небудзь чароўнага гаспадара.
Аднойчы недалёка ад высокага берага Дзвіны гулялі вяселле. Госці былі вясёлыя, спявалі і скакалі. На вяселлі аказаўся адзін рыбак-чараўнік. Ён заўважыў, што разам з усімі танцуе нейкі вясёлы паніч з рыбным хвастом. Праўда, гэты хвост бачыць толькі ён, чараўнік, другія не бачаць. Рыбак сцяміў, што гэта рыбны цар з Дзвіны. Ён шпарка выйшаў з хаты і апавясціў сваіх сяброў-рыбакоў. Тыя вырашылі выкарыстаць момант і кінуліся лавіць рыбу. Да раніцы нацягалі яе цэлыя горы, шмат-шмат пудоў. Самы і ліні, плоткі і карасі, ёршыкі і акунькі – безліч жыхароў вадзяных абшараў аказаліся ў палоне рыбацкіх сетак і развіталіся з жыццём.
Калі ж на ранішняй зорцы вярнуўся рыбны цар у сваё царства-гаспадарства, то ўбачыў спустошаныя віры і поймы. З вялікага жалю плакаў ён цэлы тыдзень гэтак, што ўся Дзвіна жаласна хвалявалася і стагнала.
З той пары рыбнага цара ўжо ніколі не бачылі сярод людзей.
(220 слоў)
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Каму холадна, каму душна
Віталь Вольскі → Віталь Вольскі - Як зімуюць рыбы
Пераказы → Важкі промысел
Пераказы → Стронга
Пераказы → Жыццё ў вадаёме