Яшчэ ў першыя паездкі свае па раёне Апейка заўважыў, што людзі ў розных месцах жылі неаднолькава. Тыя, хто жыў далей ад ракі, між балот ды лясоў, багата чым розніліся ад яго знаёмых змалку землякоў – жыхароў пясчанай надпрыпяцкай вёсачкі. Розніліся некаторымі звычаямі, розніліся гаворкаю. У блізкіх, можна сказаць, суседніх сёлах па-рознаму вымаўлялі адны і тыя ж словы. Здавалася, гаварылі на розных мовах! Дзіўна ўсё гэта было чуць. Дзядзькі ці хлопцы аднаго сяла пацяшаюцца з гаворкі з другога боку яго! Пацяшаліся, хоць у саміх гаворка была дзіўная. Тыя, з другога боку, таксама падсмейваліся з іх! Апейка дабіраўся да разгадкі такога дзіва. Гэта была, мабыць, памяць далёкай даўніны. Тады вёсачкі на сваіх выспах між багнішч жылі яшчэ больш асобна.
Дзе-нідзе сярод палешукоў трапляліся палякі і яўрэі. Палякі, прыкмеціў Апейка, трымаліся купкамі каля мястэчка, у засценку. Яўрэі ж, акрамя тых, што аселі ў мястэчку, жылі па адным, па два ледзь не ў кожным большым сяле, блізка ад дарогі. Палякі корпаліся ў зямлі. Яўрэі таксама нярэдка аралі і малацілі. Большасць кармілася розным рамяством – найчасцей кавальствам ды шытвом. Там-сям спрабавалі гандляваць. Любілі зямлю гэтую і цыганы. Не дзіва было Апейку бачыць ці калёсы-буданы на грэблях, ці шумлівыя табары на выганах. Не раз самога якая-небудзь прычэплівая смуглявая маладзіца хапала на дарозе за руку, дабівалася пра штосьці расказаць.
Палякі, і яўрэі, і цыганы былі тут свае людзі. Палякі часта радніліся з тутэйшымі. Яўрэі мірна курылі на прызбах разам з палешукамі. Амаль у кожным сяле знаходзілася хата, якая давала цыганам цяпло і прытулак на ўсю доўгую зіму. Яны ўсе былі як ручаінкі. Ручаінкі ўліваліся ў вялікую раку і самі станавіліся той жа ракою.
(265 слоў)
Паводле І. Мележа