Зіма абгоніць восень? І няхай абганяе. Павінна ж ад краю да краю зямлі разліцца цішыня! Марозная, чыстая, звонкая, яна скуе пагоркі і рачулкі, раскіслыя палі і дарогі. На першы хрусткі лядок іх зацярушыцца, пасыплецца святло – само нябеснае святло, кранутае дыханнем бязмежжа. Умомант усё пачысцее, зменіцца. Толькі і чакай самых неверагодных дзівосаў! То зачэпіш галінку – і асыпле плечы зіхоткае ад сонца срэбра. То правалішся некуды ніжэй сцяжыны і ўгрузнеш у мяккім пухавіку, разглядаючы дзівосных снежных матылёў. То паслізнешся на лядку і спужаеш яркагрудага снегіра з мерзлаю ягадкаю каліны ў дзюбцы. То не надзівішся на надыханыя нябачнымі нябеснымі гасцямі ўзоры на аконным шкле, спрабуючы разгадаць іх малюнак. То змушана ўслухоўваешся ў чароўныя гукі, не адразу і ўразумеўшы, што гэта вецер іграе на сваім грабянцы, кранаючы, выцягваючы з-пад снежнага насцілу на страсе празрыста-блакітныя ледзяшы... Ды ці мала дзівосаў узімку!
Пра вясну ж і казаць няма чаго! Кожнае імгненне здараецца хоць невялічкі, але цуд. Цуд першага ручайка, цуд першае праталінкі, цуд першага кволага парастка, першага лісціка, першай пралескі. Цуд абуджэння магутнай ракі, калі цямнее, набухае, лопаецца ўздоўж па хрыбце і пачынае рвацца, ірваць зімовыя ковы лёд, узрываючы, ссоўваючы, крышачы аграмадныя крыгі. Яны, напаўзаючы адна на адну, сунуцца, плывуць за акрыялаю плынню да сцен Сафійскага сабора і далей, у бок далёкага халоднага мора на поўначы. На тое і дадзена жыццё, каб любіць усё вакол, любіць усім сэрцам, адчуваючы кожнае імгненне радасць і ўдзячнасць за яе.
(230 слоў)
Паводле Т. Бондар