Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пісьмо

   "Божа мой!.." – прашаптаў Янковіч, уражаны і ўзрушаны зусім іншай, такой нечаканай, знаходкаю. Ён, седзячы на падлозе, шукаў, перапоўнены творчым імпэтам, незавершаную сюіту сярод зваленых у сховах секцыі нотных сшыткаў, рукапісных артыкулаў, лістоў да сяброў і лістоў-водгукаў ад прыхільнікаў яго таленту, а яшчэ між неабходнымі калісьці, ды надоўга занядбана-забытымі часопісамі, газетамі і выразкамі з розных выданняў (ён адно збіраўся ўпарадкаваць свой "каштоўны хлам", але рукі да гэтага так і не даходзілі). Прашаптаў і ўздыхнуў, калі ўбачыў, што канверт з почыркам, да болю знаёмым, выпаў на падлогу з выпадкова разгорнутай газеты, не будучы ў свой час знойдзены і прачытаны. "Тры гады як Максіма не стала, – падумалася яму, – значыць, пісьмо праляжала яшчэ даўжэй".
   "Дружа мой, дружа! – да яго, Янковіча, звяртаўся Максім Дзядкоўскі. – Цяпер, калі жыццё маё пайшло пад адхон, я спяшаюся сказаць табе дзякуй. За ўсё, за ўсё…"
   "Пад наплывам пачуццяў, відаць, перабольшвае, – як пра жывога, падумаў Янковіч пра земляка. – Што я такое для яго зрабіў?.."
   Але зямляк не перабольшваў, гэта Янковіч недаацэньваў свае якасці – рабіць дабро з такою лёгкасцю, з якою майстра-піяніст націскае на клавішы і адорвае людзей эстэтычнаю асалодаю.
   Пісьмо ад Максіма Дзядкоўскага, калісьці ўкладзенае паштальёнкаю ў складзеную газету, а потым жонкаю Янковіча ўзятае з паштовае скрынкі і гэтак жа бесклапотна не заўважанае, кінутае разам з газетаю на стос яго папер, зараз раптоўна выклікала ва ўражлівай душы мноства ўспамінаў, звязаных з асобаю, у чыім лёсе так неверагодна кантрасна спалучаліся, так цесна перапляталіся творчыя ўзлёты, дасягненні і чалавечыя падзенні, няўдачы і жыццёвая драма. З аднаго боку – яркі дэбют і ранняя слава (яшчэ студэнтам Дзядкоўскі стаў вядомы ў кампазітарскіх колах), хуткі росквіт шчодрага таленту (ягоныя "Гімны каханню", "Снегавая рапсодыя", "Зорная саната", трыпціх "Краіна замкаў", араторыя "Няскораная цытадэль" увайшлі ў залаты фонд нацыянальнага музычнага мастацтва), любоў публікі, а з другога боку – фіяска сямейнае, ранні развод, у выніку якога без бацькі гадаваліся дзве дачкі, працяглая неўладкаванасць, хваробы…
(304 словы)

Паводле В. Жуковіча