Маё маленства (дый ці толькі маё) прайшло на акопах. Напачатку мы збіралі на іх розныя "трафеі": медныя гільзы, алюмініевыя кацялкі ды іншы вайсковы скарб. Калі на паверхні ўсё было выбрана ды вызбірана, пачалі раскопкі. Капалі ўсё запар і на выбар. Знаходзілі трохгранёвыя штыкі, нямецкія цесакі, розны порах – трубчаты, як макароны, і круглячкаваты, падковападобны ў шоўкавых мяшэчках. Гэты порах меў якісь саладкаваты прысмак. Мы яго часам нават лізалі замест цукерак. Знаходзілі і іншыя трафеі: лампадкі, сцізорыкі, відэльцы, струхлелыя нямецкія часопісы, процівагазы. Часам знаходзілі і больш важкія рэчы: рэвальверы, наганы, пісталеты. Вінтоўкі і аўтаматы лічыліся самай звычайнай знаходкай.
Аднаго разу я ўзяў з сабою на тыя акопы і сваіх дзяцей. Мы ішлі на ўскрайку амаль засыпанай пяском і часам траншэі. Дзе-нідзе нам трапляліся на вочы рэшткі колішніх баёў: панявечаныя цынкавыя скрынкі з-пад патронаў, кручаныя, згужавелыя рамяні, асколкі снарадаў, вінтовачныя і аўтаматныя гільзы, крылатыя хвасты мінаў, абцасы, пакручаныя падэшвы. У адным месцейку мы натрапілі на свежы раскоп. Мяне прывабіла грудка нерассыпанай зямлі. З яе, як мне падалося, тырчаў такім месяцовым сярпочкам краёчак кольца з гранаты. Я нахіліўся, каб падняць яго і паказаць гэтае кольца дзецям. Расціснуў грудку – пясочак асыпаўся і ў маёй руцэ зіхатнуў пярсцёнак залаты.
Велікаватага памеру, вузенькі, 333-й (трыста трыццаць трэцяй) пробы. Проба гэтая не дужа вялікая, але каштоўнасць пярсцёнка была не ў ёй. Пярсцёнак меў ініцыялы: Е.І. і дату: 30.07.1939 (трыццатага ліпеня тысяча дзевяцьсот трыццаць дзявятага года). Гэта, пэўна ж, быў шлюбны пярсцёнак. Пра гэта сведчыць акуратненькі абрыс сэрца ўнутры пярсцёнка, прастрэлены анёльскай стралой. Гэты пярсцёнак, паводле яго пробы, належаў якомусь небагатаму і невысокага рангу германцу.
Гэтыя ініцыялы і іншыя звесткі на пярсцёнку даюць мажлівасць адпаведнай нямецкай службе знайсці больш дакладныя звесткі пра свайго суайчынніка.
Час нашай знаходкі – лета 1972 (тысяча дзевяцьсот семдзесят другога) года.
(283 словы)
Паводле У. Содаля
Похожие статьи:
Пераказы → Страшная знаходка
Пераказы → Нечаканая знаходка