Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Птушанё

   Тады госць наш развітаўся і памалу пайшоў на вуліцу. Вечарэла. Сонца нізка стаяла над горадам і лена, холадна біла ў вокны, у бляшаныя дахі дамоў залаціста-барвовым, безуважным святлом. Трамвай звінеў недзе. Пах, астываючы, нагрэты за дзень асфальт. Пахла, можа, чуйней за ўсё прапыленай цэглай і фарбай. Была пустою вуліца. Ён ішоў. Даўгалыгі цень лажыўся на дарогу і соўгаўся паволі, нібы папіхаючы сябе. Раптам побач, ці не за драўляным плотам, у гародчыку, коратка і жаласна ціўкнула птушанё. Гэта як бы знак нейкі быў. Ён спыніўся і паглядзеў туды. Халаднаватая чырвань аблівала бэз. Павеў скразняковага ветру калыхнуў лісцё. Цені ад яго затрапяталіся на жоўтай сцяне. Зноў прыцішна-жаласна ціўкала птушанё. Тады ён прыгледзеўся і ўбачыў яго. Ён бачыў яго блізка, тое сумна натапыранае, шэрае птушанё, гэтак бясконца, незразумела адзінокае ў знаёмай яму і, мусіць, не першы раз аблюбаванай засені падвечаровага куста. На сцяне, на лісці, на вялікіх прасцягах горада памірала сонца. Што адчуваў, каму і на што жаліўся ён, гэты жывы маленькі камячок, натомлены за дзень нейкім сваім, зразумелым яму, а мо і зусім незразумелым клопатам? Што гэта было: страх, натужнае чаканне непасільнага празарэння ці чуйна, вусцішна і раптоўна адчутая адасобленасць ад усяго і разлад з усім? І ці не так трывожыць, гняце незразумелым нейкім сэнсам і самога чалавека тужлівая палоска расхінутай на захадзе вечаровай зары?
(213 слоў)

Паводле М. Стральцова