Абсаджаная вербамі брукаваная грэбля перасекла вузкую, як раскручаны неадбелены сувой, бруднавата-шэрую, толькі дзе-нідзе акварэльна зазелянелую пойму. На спуску да рэчкі паважанага веку аўтобус завібраваў і забразгацеў на ўсе лады. Ён набіраў разгон, каб далей, за мастком, калі ўжо не выскачыць, дык хоць трохі жвавей выгазаваць з лагчыны. За ёй, злева ад шашы, важка падымаўся па-вясноваму набрынялы Заліп’янскі лес (рэчка, над якой пракаціўся па драўляным мастку аўтобус, звалася Ліпаю). Справа, крыху з-за пагорка, паказаліся ўчарнелыя хаты і хлявы. Яны, здавалася, усцягвалі на гару яшчэ не прасохлыя агароды. Грабянцы – так звалася вёска. Недзе справа, уніз да лагчыны, спускалася папярочная вулка. За ёю віднеліся шэрыя купы высокіх дрэў – колішні панскі парк ці, можа, цвінтар. А тут, дзе мы ўжо натужна ўз’ехалі на гару, галоўная вуліца ўпіралася ў шашу – гэта і быў мой прыпынак… Вылез з аўтобуса, пачакаў, пакуль ён рушыць далей, і перабрыў на другі бок дарогі… Паміж шашою і лесам пралегла шаравата-жоўтая, шырынёю метраў з трыццаць пясчаная паласа. І, як бывае вясною, першы раз выгнаная з хлявоў жывёла першародна ўскапыціла сыры зляжалы пясок.
Глыбока выезджаныя машынамі каляіны вялі ў густы, з лускавата-чорнай карой сасоннік. Ён роўнымі радамі пасаджаны быў некалі таксама на пясчанай, амаль што ніякай глебе. Хоць і быў ён ужо стараваты, адно кучаравеў густым і дробным, з хваравіта-кароткай ігліцаю голлем. Далей пачынаўся рэдкі стары лес – сасна папалам з бярозаю. Злева ж, ад поймы, усё бліжэй да дарогі, падступала густое чарналессе – малады дубняк, зеленавата падмешаны маладымі асінкамі. А дзе-нідзе з чорнага гушчару срэбна паблісквала і тонкая бярозка… А над дарогаю з чыстага неба пранізліва-ярка свяціла сонца. Асляпляльна ўспыхвала па краях бухматае сасновае голле. Пяшчотна свіцілася маладзенькае, толькі з клейкіх пупышак, бярозавае лісце. І такім жа пранізлівым, як сонечны прамень, здалося танюткае ценьканне сініцы. Напэўна, яна недалёка адляцела ад хат, каля якіх зімавала. Так і ёсць, уперадзе спачатку засвяціўся шырокі ясны прагал, а потым у прасветах між дрэў паказаўся і сам прасёлак.
(310 слоў)
Паводле М. Кусянкова