Аднойчы ў скверыку я ўбачыў незнаёмую дзяўчыну. Яна была зусім не падобная да дзяўчат, якіх я сустракаў дагэтуль. Трымалася смела, незалежна і, шчабечучы нешта вясёлае, звонка смяялася.
Першы час я праходзіў міма дзяўчыны з самым незалежным выглядам. Я лічыў яе асобай пустой, нікчэмнай, не вартай увагі наогул. У думках я вінаваціў тоненькую дзяўчыну за яе бестурботны смех, за яе звонкае шчабятанне. Як магла яна смяяцца ў такі час!
Я быў поўны абурэння і гневу. Я яшчэ не зрабіў ніводнага подзвігу, але ў глыбіні душы лічыў сябе здольным на гераічныя ўчынкі. У сваім уяўленні я маляваў сябе ў розных геройскіх ролях. Вось я на вачах у дзяўчыны забіваю нямецкага каменданта, забіваю цэлы дзясятак фашыстаў, падаю забіты сам. Белая дзяўчына перастала смяяцца, у яе вачах захапленне, роспач, пакута. Яна плача, вінаваціць сябе за свой смех.
Адзін раз дзяўчына прыйшла ў сквер з кветкамі. У яе руках быў бэз і белая чаромха. Яшчэ праз колькі часу я пачуў, як яна спявала. Яе голас можна было пазнаць сярод тысячы іншых галасоў. Хутка я адчуў, што мне няма куды схавацца ад жывых сініх вачэй з-пад белага капялюшыка, ад звонкага шчэбету. Яе вобраз стаяў перад маімі вачамі пастаянна. Я ўжо не мог пражыць дня, каб пад вечар не схадзіць у скверык, не пабачыць тоненькай дзяўчыны.
Хутка я ўжо ведаў і імя дзяўчыны. Яе звалі Стася.
(221 слова)
Паводле І. Навуменкі