Вітаўт не мог задаволіцца становішчам служылага князя, у якім апынуўся пасля Крэўскай уніі. Натхнёны падтрымкай мясцовых баяраў, ён паўстаў супраць Ягайлы ўзімку 1389-1390 гадоў, але не здолеў захапіць Вільню і ўцёк да нямецкіх рыцараў. Ордэн, які толькі і чакаў падставы для агрэсіі, узяўся дапамагаць Вітаўту змагацца за віленскі пасад.
Пры дапамозе магістра Ордэна Конрада Валенрода і яго рыцараў Вітаўт паспрабаваў авалодаць Вільняй, у 1391 годзе захапіў замак у Гародні, у 1392 заняў Наваградак ды зноў стаў пагражаць сталіцы.
Ягайла пабачыў, што без кампрамісу не здолее ўтрымаць пад сваёй уладай тэрыторыю Беларусі і Літвы. Ягайла прапанаваў Вітаўту ўладанні яго бацькі Кейстута – і той згадзіўся здрадзіць Ордэну.
У хуткім часе Вітаўт і Ягайла памірыліся. 4 жніўня 1392 года на сустрэчы ў Востраве пад Лідай яны падпісалі пагадненне, паводле якога ўлада ў Вялікім княстве пажыццёва перадавалася Вітаўту. Вітаўт стаў непасрэдным уладаром дзяржавы. Самае важнае, што пасля Крэўскага акта 1385 года Востраўскае пагадненне дало беларуска-літоўскай дзяржаве правы на пэўную самастойнасць. Атрымаўшы ўладу, Вітаўт пачаў умацоўваць дзяржаву знутры, цэнтралізаваць яе. І ўжо праз некалькі гадоў ён, падтрыманы князямі і баярамі, ледзь не разарваў ранейшыя зносіны з Польшчай.
(182 словы)
Паводле Г. Сагановіча