Усё мокрае выглядала шэрым, халодным, непрыветным: возера, хаты на ўзгорку, неба над вёскаю ды возерам. Яшчэ і вецер даймаў да костачак, хоць і надзею даваў. Можа, разгоніць шэры лямец на небе ці прарве ў ім дзірку для сонейка, каб хоць адзін прамень зямлю знайшоў, аблашчыў на ёй душу жывую. Антон Стафанавіч туліўся ў лёгкай, ветрам падшытай куртачцы, глыбей хаваў шыю ў настаўлены каўнер, пераступаў з нагі на нагу, грэючыся, і дрыжаў ад холаду. На плячы ён трымаў эцюднік, а ў руках – вялізнае белае палатно для будучага шэдэўра. Вецер бухаў у палатно, нібы ў бубен, вырываў з рук. Стары ледзь утрымліваў яго, прыціскаючы аберуч да каленяў.
На гэтым беразе ў Васільках, крыху далей, як мы цяпер стаялі, я ўчора нагледзеў лазеньку-векавушку з вышчарбленымі, нібы зубы ў бабулі, вугламі, з латаным-пералатаным дахам і закураным акенцам. Выгляд лазенька мела ўбогі. Ніжні вянец і дзверы паўрасталі ў зямлю. Сама па сабе яна не магла прывабіць маё вока. Але над ёй узвышаўся стары клён, можа, такога самага веку, як лазенька. Яго старасць глядзелася ў шыкоўнай красе ды сіле. Клён абгарнуў дамочак сонечна-жаўталістым цяплом, добрую ношку зачырванелага золата высыпаў на дах, жаўтлява-залаценькі вяночак накінуў на чорны комін, падаслаў, не шкадуючы, золатам вытканы дыван пад акенцам, дзвярыма, сценамі, нават і неба пазалаціў. І я далей не пайшоў – паставіў эцюднік ды ўзяўся пісаць няхітры пейзажык на невялічкай памерам кардонцы.
(222 словы)
Паводле В. Карамазава
Похожие статьи:
Максім Танк → Пейзажная лірыка Максіма Танка
П → Пейзаж
Ян Баршчэўскі → Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Роля лірычных адступленняў і пейзажных замалёвак