Гэтым ранкам туман досыць доўга не пакідаў ракі.
Туман парадзеў, развеяўся. Пачалі выступаць контуры далёкіх дрэў на пагорку за ракой. Раптам я заўважыў лася. Выйшаў ён з прыбярэжнага кустоўя і, убачыўшы перад сабою раку, спыніўся. Пастаяў колькі хвілін, агледзеўся і рушыў далей. Ішоў ён паважна, не спяшаючыся, галаву трымаў высока, ганарліва, быццам баяўся згубіць сваю дарагую карону.
Вось ён наблізіўся да берага і, не вагаючыся, рашуча ўвайшоў у цёплую ваду. Тыцнуўся ў яе пысай і прагна стаў піць.
Што і казаць, вельмі маляўнічая карціна: задуменная туманная раніца, спакойная роўнядзь санлівай ракі і вось гэты лясны волат у ёй.
Аднекуль здалёк даляцеў стрэл. Лось спалохана скалануўся, нервова ўскінуў угору рагатую галаву і, нібы статуя, застыў на месцы, гатовы ў любую хвіліну знікнуць у хмызняку.
У гэты момант з-за шэрага кустоўя чырвоным колам выкацілася жнівеньскае сонца – вялізнае, яркае. На нейкае імгненне яно апынулася на галінастых рагах жывёлы, заліло іх яркай чырванню.
Якое ж гэта было непаўторнае відовішча! Такое чалавеку суджана, мусіць, убачыць толькі раз у жыцці. Здаецца, глядзеў бы на гэты цуд, не адводзячы вачэй, і глядзеў...
Нарэшце лось выйшаў з вады. Пастаяў з хвіліну задуменна, энергічна страсянуўся і спакваля пайшоў сваёй дарогай далей. А неўзабаве знік у зарэчным зарасніку.
(198 слоў)
Паводле Р. Ігнаценкі
Похожие статьи:
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Маці
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Казка пра ласку
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Уцякач
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык
Еўдакія Лось → Жыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось