Ната, адклаўшы падручнікі, якія перагартала больш па звычцы, чым з нейкай асаблівай патрэбы – і так усё пройдзенае ў школе памятала, – пазірала ў сцемненае, зацягнутае смугою акно нядоўга. Думаць лепш пра дзень светлы, зусім па-вясноваму сонечны! Там жылі яе мары. Там расквечвала мары сонца, аблепленае яркімі матылькамі самых розных памераў і колераў, нават такіх, якіх ніколі не страчала, нават такіх, якіх проста не бывае ў прыродзе.
Сонца, аблепленае матылькамі, выклікала ўсмешку (трэба ж такое ўявіць!). Але вобраз спадабаўся. Наце захацелася яго намаляваць, пакінуць на паперы. І яна пацягнула да сябе альбом для чарчэння, пашукала паглядам алоўкі ці фламастары. Знайшоўшы, задумалася. Убачыць да самай тонкай павуцінкі сонечнага промня на крылцах матылька, убачыць уяўленую карціну душою, з дапамогай уяўлення – адно, выказаць, занатаваць – другое. Тут ці майстэрства неймавернае патрабавалася, ці подых натхнення Божага. Калі не рука, а душа маляваць стане. Вось калі не паддавацца сумненням, а паспрабаваць…
Ната згрэбла свае няхітрыя прылады і, прыціскаючы іх да сябе, пайшла да кушэткі – далей ад акна, якое не-не і прыцягвала ўвагу. Залезла на кушэтку з нагамі, паёрзала, усаджваючыся на падкручаных нагах зручней, і паспрабавала аднавіць у памяці ўбачанае з дапамогаю ўяўлення сонца, дзівоснае і па яркасці, і па незвычайнай злагоджанасці. Быццам не яно толькі што выпальвала, выпякала дзесьці пустыню, быццам не ім справакаваная спёка да донца выпіла апошнюю ручаінку жыцця там, далёка адсюль, неўявіма далёка ад бясснежнага сцюдзёнага сакавіка. Мяжою паміж далёкай гарачай пустыняю і сцюдзёным вечарам за акном служыла толькі яе думка. Ната разумела і ўсё ж памкнулася рассунуць, пашырыць азначаны прагал, каб даць месца мары і асвятліць яе лагодным, аплеценым шматкаляровымі матылькамі сонцам.
(258 слоў)
Паводле Т. Бондар