Літаратурная мова – апрацаваная, упарадкаваная і нармалізаваная форма агульнанароднай мовы. Прызначэнне літаратурнай мовы – абслугоўваць разнастайныя сферы грамадскай дзейнасці чалавека. Гэта мова школы, навукі, друку, радыё, тэлебачання, мастацкай літаратуры, дзяржаўных устаноў.
Для літаратурнай мовы характэрны пісьмова замацаваныя нормы. Паняцце нормы – цэнтральнае ў вызначэнні нацыянальнай літаратурнай мовы. Нормы літаратурнай мовы ў аснове сваёй стабільныя, аднак практыка вусных і пісьмовых зносін выклікае некаторыя змены ў вымаўленні, правапісе, ва ўжыванні асобных слоў і іх форм.
Нацыянальная літаратурная мова звычайна фарміруецца і развіваецца з мовы народнасці, з якога-небудзь яе дыялекту. Па сваім слоўнікавым складзе і граматычных асаблівасцях такі дыялект звычайна з’яўляецца найбольш тыповым у сістэме дыялектаў адпаведнай мовы.
Літаратурная мова – вышэйшая форма нацыянальнай мовы, носьбіт і пасрэднік культуры і цывілізацыі. Пранікаючы ва ўсе сферы народнага жыцця, яна паступова становіцца адзінай формай агульнанароднай мовы. Для літаратурнай мовы характэрны наступныя агульныя асаблівасці: апрацаванасць, упарадкаванасць, нарматыўнасць, стабільнасць, абавязковасць для ўсіх членаў калектыву.
Літаратурная мова шліфуецца і ўдасканальваецца паступова ў працэсе развіцця і ўзбагачэння ўсёй культуры народа. Выдатная роля ў фарміраванні беларускай літаратурнай мовы належыць Янку Купалу, Якубу Коласу, Кузьме Чорнаму, Кандрату Крапіве і іншым класікам айчыннай літаратуры.
(180 слоў)
Паводле Т. Бандарэнка