Сонца было ўжо напалову за лесам. Промні яго не дасягалі зямлі, білі верхам, амаль так, як і фары машыны, калі тая ўночы ўзбіраецца з лагчыны на пагорак.
Антон мусіў адзін ставіць палатку. Рабіў ён гэта з захапленнем, нібы будаваў сапраўдную хату, у якой ім жыць ды жыць.
Ужо добра змяркалася. Яўгеніі ўсё не было. Ён ведаў (часта праводзіў ночы ў лугах, памагаў бацьку пасвіць коней), як наступае летняя ноч – непрыкметна-хутка, маўкліва. Ён бачыў, як нараджаецца золак: пасля поўначы на ўсходзе квола шарэе вузкая, як стужка, паласа. Праз нейкі час яна ўсё роўна як тлее, дыміцца, пашыраючыся і даўжэючы, затым проста на вачах вырастае ў барвовае зарыва. Цёплы веер сонечных промняў буйна зіхціць, пераліваючыся ўсімі колерамі вясёлкі.
Ён стаяў ля палаткі, зачаравана глядзеў на прыціхлую раку і вельмі хацеў, каб хутчэй мінала ноч і наступаў жаданы золак. І ён паклонам прывітае яго, і (нарэшце-такі!) пойдзе росным берагам, і будзе дыхаць на ўсе грудзі, глядзець на ўсе вочы, слухаць чуйную цішу лугоў і радавацца.
Антон нарыхтаваў дроў, хацеў ужо распальваць цяпельца, ды ўспомніў, як яшчэ ў маленстве, гасцюючы з маці ў дзеда Мікіты на Сожы, лавіў плотак проста рукамі. Доўга не раздумваючы, рашыў праверыць сваё рыбацкае шчасце. Балазе цёмна ўжо. Рыба ў такі час падаецца з глыбіні бліжэй да берага.
Ён даволі шумна праплыў сярэдзінай ракі, каб прымусіць акунёў хавацца. Гарбатыя драпежнікі, пачуўшы яго, зашыюцца ў берагавыя шчыліны, развіхраць свае ігольчатыя грабяні. Паспрабуй тады ўхапіць каторага, не пакалоўшы рукі.
Яўгенія тым часам пракралася да палаткі, агледзела ўсё як след і засталася задаволеная. Антон нават не забыў прыкалоць да палаткі яе здымак.
(260 слоў)
Паводле А. Масарэнкі