Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кітабы (Паводле В. Несцяровіча)

   Кітабы – кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Ствараліся з шаснаццатага стагоддзя татарамі, што пасяліліся на Беларусі і ў Літве і паступова забылі сваю родную мову. Для захавання рэлігіі яны вымушаны былі перакласці Каран і іншыя кнігі ісламу на беларускую мову, Змест кітабаў – усходнія легенды, казкі, прыгодніцкія аповесці, апісанні мусульманскіх рытуалаў, маральна-этычныя павучанні для моладзі, варажба на літарах Карана, разгадка сноў.
   Кітабы напісаны і чытаюцца справа налева, тэкст пачынаецца там, дзе ў славянскіх кнігах заканчваецца. Колькасць старонак неаднолькавая ў кожным кітабе – ад сямідзесяці да ста. Радок суцэльны, няма падзелу на словы, няма вялікай літары і знакаў прыпынку. Кожны наступны радок павінен быць роўны з папярэднім.
   Мова кітабаў адрозніваецца ад мовы старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў. Яна блізкая да беларускай народнай мовы. У тэкстах адлюстравалася беларуская лексіка, фразеалогія, беларускі сінтаксіс. З дапамогай арабскай графікі, дастасаванай да беларускай фанетыкі, больш дакладна, у параўнанні з кірылаўскімі пісьмовымі помнікамі, перадаюцца некаторыя гукавыя асаблівасці беларускай мовы, у першую чаргу дзеканне і цеканне, разнастайныя асіміляцыйныя змяненні.
   Вывучэнне кітабаў пачалося ў дзевятнаццатым стагоддзі. Яно дае каштоўны матэрыял для філолагаў, этнографаў, фалькларыстаў, гісторыкаў, ісламістаў, цюрколагаў, арабістаў. Кітабы зберагаюцца ў бібліятэках Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага, Санкт-Пецярбургскага і Казанскага ўніверсітэтаў, у Вільнюскім гісторыка-этнаграфічным музеі, у прыватных бібліятэках.
(201 слова)

Паводле В. Несцяровіча