Наваколле было скрозь залітае белай смугою, зацярушанае першым зазімкам. Край неба за Ослікам залаціўся, ружавеў. Ад яго залаціліся вярхі далёкіх дрэў і кустоў. Цяплейшыя плямы ляжалі па срэбры Осліка, плылі, разам са срэбрам, па вадзе. Пунсавеў чуб самага блізкага і вялікага куста на тым беразе, на кручы, таксама белага, на ўсю шырыню Осліка адбіваўся ў вадзе. Гэты адбітак з кожнае хвіліны ярчэў, цяплеў. На цёплы тон усюды: у рацэ і ў небе – прачынаўся блакіт, прабіваючыся праз срэбра, які ў гэтай настылай раніцы здаваўся таксама цёплым. Срэбра ўсюды пакрысе таяла. Я стаяў пад жоўтым курганом, цяпер, як усё навокал, бялявым, глядзеў на ўсход за Ослік, чакаючы сонейка. А думкі былі пра тыя дубы, якіх бачыць ужо не мог, пра курганы пад дубамі, якія мог адно ўявіць. Які асілак-дуб стаяў над жоўта-залацістым волатам! Месца дуба было на кургане чырвоным. Якая б гэта была гармонія колераў! Чырвонае золата зверху і ўнізе. І як бы здорава глядзелася пад дубамі папараць, хоць чырвона-вохрыстая, хоць зялёна-кобальтавая, ці верас пад асеннім дубам, ці нават сіва-палыновы курган, нават курганчык-ракавінка! Як утульна адчуў бы сябе пад дубам, ці той, голы, з пясчанай лысінай – як бы прыгрэлася на лысіне дубовая лісціна. Я пайшоў у бок вёскі. Адышоўшы, спыніўся, паглядзеў назад, адным позіркам акінуў усе курганы разам з дубамі. Дух заняло! Ах, Вітольд Каятанавіч! Вы хораша даводзілі ў сваім лісце Антону Бархаткову, што такое сапраўдная жывапісная карціна, колькі чаго ў ёй павінна быць, колькі душы, любові, пачуцця! Як я шкадую, што вы не заглянулі сюды, у гэты куточак свае радзімы, якую так любілі, на Ослік у Дзевашычы, на крывіцка-радзіміцкія курганы пад шмат разоў стагадовымі дубамі. Як бы вы тады адчулі радзіму не толькі ў кантэксце жывапісу, але і ў кантэксце тысячагадовай гісторыі зямлі, вады і неба! Ах і ах, Вітольд Каятанавіч!..
(292 словы)
Паводле В. Карамазава
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Курганы
Казкі Жыцця → Якуб Колас - Адзінокі курган
Янка Купала → Янка Купала - Сон на кургане
Янка Купала → Янка Купала - Курган
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - На Палессі...