Красавіцкае сонца свяціла на поўную сілу, і ўздоўж платоў, здавалася, прама на вачах, расла, падымалася зялёная аксамітная травіца. Перасвістваліся на высокіх ліпах шпакі. Нябачныя ў глыбіні нябеснай сілы, рассыпалі звонкае срэбра жаваранкі. Жоўтым дымам пахучых коцікаў ахуталіся вербы, і над імі пазвоньвалі празрыстымі крыльцамі сотні пчол, мушак, жучкоў, бясшумна снавалі белыя і жоўтыя матылькі.
Якімка спыніўся, загледзеўся на ўсё гэта хараство і на момант нават забыўся, што навокал грыміць вайна, гінуць людзі і вось такія прыгажуні вербы, ліпы, бярозкі... Дрэвы весела шапацелі лісцем, нібы размаўлялі з Якімкам, радасна сустракалі яго. Бярозкі ледзь трымцелі клейкімі лісточкамі пад веснавым сонцам. І здавалася, што няма большай прыгажосці ў свеце.
(116 слоў)
Паводле Я. Курто