Розныя планы, карты, схемы Віталь маляваў з такой асалодай, як сапраўдны мастак сваё любімае палатно. Як толькі добра пазнаёміўся з компасам, зразумеў, што такое азімут, маштаб, умоўныя знакі, яго ахапіла жаданне складаць планы ўсяго, што ён бачыў вакол. За два гады хлопец намаляваў такі план вёскі, што яго вывесілі ў кабінеце геаграфіі. Віталь ганарыўся не тым, што план намаляваны прыгожа, а тым, што ў гэтым плане вытрыманы азімуты і адлегласці, кожная дарожка і сцяжынка на месцы.
Душа хлопца прагнула працы, мінулым летам ён вырашыў скласці план калгаса.
Цэлы месяц Віталь ездзіў па ўсіх дарогах, потым да позняй ночы чарціў, разлічваў. Чыставую карту ён маляваў не на паперы, а на адваротным белым баку звычайнай кляёнкі. Выпрасіў у маці грошы, купіў патрэбны кавалак. Лежачы цэлымі днямі на жываце на падлозе, спачатку алоўкам, а потым фламастарамі чарціў, пісаў. Карта ажывала, напаўнялася дарогамі, палямі, ляскамі.