На балоце растуць самыя незвычайныя расліны. Адна з іх – расянка, якую батанікі празвалі драпежніцай.
З выгляду гэта расліна прыгожая. Пад промнямі сонца яе лісце блішчыць, кліча, інтрыгуе, прываблівае сваёй прыгажосцю насякомых. Але варта даверліваму насякомаму прыпыніцца на імгненне на кветачцы, як яно патрапіць у пастку. Справа ў тым, што ў лісці расянкі-драпежніцы ёсць валосікі з ліпучай вадкасцю, на якіх вісяць кропелькі, быццам раса (адсюль і назва – расянка). Мошка ці камар сядзе на расліну і адразу прыліпне да яе. Як потым яны ні вырываюцца, нічога ў іх не атрымліваецца. Валаскі, бы тыя шчупальцы, ахопліваюць насякомае з усіх бакоў, не адпускаючы яго. Клейкая вадкасць расліны па складзе падобная на страўнікавы сок жывёлы. З дапамогай гэтай вадкасці расянка ператраўляе сваю ахвяру на працягу некалькіх дзён. Потым валоссе на лісці разгінаецца і расянка зноў гатова лавіць чарговую ахвяру.