У вольны час мы любілі гуляць у футбол. Самаахвярна ганялі мяч. У гульні, у забітых галах, у перамозе адчувалі велізарную страсць. Ад прапушчаных галоў і прыкрых паражэнняў было моцнае засмучэнне.
Бацькі часта наракалі на такую нашу заўзятую захопленасць. Мы хутка збівалі свой абутак, дралі адзенне. Дацямна бегалі па футбольным полі, галёкалі, перажывалі то горыч, то прыемнае ўзрушэнне.
Для нас у гульні была вялікая радасць. Мы не толькі загартоўваліся, але і вучыліся добра гуляць у футбол. Усё часцей і часцей абыгрывалі футбольныя каманды з суседніх вёсак.
(86 слоў)
Паводле Г. Далідовіча