Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Загадка чалавечай асобы

   Колькі ў прыродзе таямніц і загадак, але самая складаная – чалавек.
   Вось толькі што нарадзілася дзіця. Першы плач, першы крык. Чым галасней яно плача, тым радасней мы, дарослыя, смяёмся. Чым мацней яно крычыць, тым большая наша ўпэўненасць – новы насельнік зямлі стартаваў удала.
   А між іншым, нельга траціць марна ніводнай хвіліны! Якім стане чалавек – ужо цяпер, у першыя дні, месяцы, гады – залежыць ад дарослых! Трывожыцца ёсць з-за чаго. Загадка чалавечай асобы вызначаецца рэкордна кароткім часам.
   Колькі б ты ні пражыў (семдзесят, восемдзесят, дзевяноста, сто гадоў), але залаты запас усяго твайго жыцця, які абумовіў усю тваю чалавечую сутнасць, – гэта твае першыя гады, тваё маленства.
   Л. М. Талстой прызнаваўся, што за ўсё астатняе жыццё ён не набыў і аднае сотае таго, што набыў у маленстве. Канкрэтызуючы гэты вывад, А. С. Макаранка ўдакладняе суадносіны паміж магчымасцямі чалавека да пяцігадовага ўзросту і пасля – на працягу ўсяго жыцця: "Галоўныя асновы выхавання закладаюцца да пяці гадоў, – гэта 90 працэнтаў усяго выхаваўчага працэсу".
   Удумайцеся ў парадаксальную няўмольнасць гэтай загадкі: пяць гадоў – 90 працэнтаў! Божа мой, як часта мы, дарослыя, самі таго не думаючы, становімся ворагамі сваім дзецям толькі таму, што іх маленства прыстасоўваем да ўласных выгод, звычак, камфорту, гвалтуючы іх волю, падаўляючы іх энергію, глушачы іх цікаўнасць, дапытлівасць, фантазію!.. Якім будзе чалавек – гаворыць Макаранка, – залежыць ад таго, якім вы яго зробіце да пятага года жыцця. Калі вы да пяці гадоў не выхавалі яго як трэба, потым прыйдзецца перавыхоўваць.
   Перавыхоўваць неймаверна цяжка. Але, як ні дзіўна, найбольшыя нашы сродкі трацяцца на перавыхаванне. Мы толькі тым і займаемся, што перавыхоўваем. Як бы загадзя разлічваем, што ўпушчанае намі, недаробленае намі, а то і злачынна сапсаванае намі павінен выправіць нехта наступны, хто падымае чалавека на чарговую ступень.
   Колькі ступеней у ракеты, што кожнага з нас падымае ў свой жыццёвы космас: маленства, малалецтва, юнацтва, сталасць… Але, бывае, падняўшыся нават на самую высокую, чалавек так і не ўбачыць, дзеля чаго ён падымаўся: ні радасці адчування прасторы для думкі, для творчасці, ні прыгажосці жыцця, таму што бачанню, адчуванню ўсяго гэтага яго не навучылі на першай, на самай галоўнай ступені – у тыя пяць-сем гадоў, калі яго істота была здольная ўзбагаціцца запасамі на ўсё жыццё.
   Першая ступень жыцця, у адрозненне ад касмічнай ракеты, не толькі не адпадае, а прырастае навек. І калі яна была ўдалая – чалавек шчаслівы, лёгка і радасна яго душы, калі няўдалая – усё жыццё адчувае яе пакутны цяжар.
(375 слоў)

Паводле В. Віткі