Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Журавель

   Нашы Аўсянікі, калі глядзець на іх збоку, з гасцінца, тырчалі і яшчэ тырчаць у неба высокімі, улетку густымі, зімой бязлістымі кронамі рэдкіх, вышэйшых за будынкі дрэў. Сярод дрэў найвышэйшыя тры магутныя, несмяротныя ліпы. Пад адной з іх жыла мая Тоня Латышка. У зямлю наша вёска ўваходзіць, умацоўваючыся стваламі калодзежаў, нябачнымі збоку слупамі чыстай, сцюдзёнай вады. Адны з гэтых ствалоў даўжэйшыя, ідуць глыбей. Некаторыя нават і вельмі глыбока. Два найкарацейшыя называюцца крыніцамі. З іх драўляных нізкіх зрубікаў ваду чэрпаюць проста вядром. Над тым калодзежам, што на вуліцы, перад Суботавай хатай, вялікім крукам тырчыць у неба журавель, адзін на ўсю нашу вёску.
   Гэта рыплівае, калі цягнуць ваду, а то ўсё больш маўклівае шэрае збудаванне было для нас, малых, і велічным, і таямнічым. Нашу сталасць і сілу яно выпрабоўвала сурова і бязлітасна. Спачатку паспрабуй дацягнуцца рукой да вялікага драўлянага вядра, што вісіць на смыку. А ўчапіўшыся за тоўсты край вядра, часцей за ўсё мокры ад нядаўняга акунання, трэба ж перацягнуць вядро ў свой бок. Потым ужо, натужна хапаючыся лапкамі за гладкі і таксама не тонкі для хлапечай жмені смык, прымусіць усю тую механізацыю задраць угару цяжэйшы канец вагі. Ён самым задам камля ляжыць на перакладзіне. А той канец, які танчэйшы і тырчыць у неба, трэба прыгнуць носам да зруба. Вядро дойдзе да вады і зачэрпне хоць бы напалавіну. Ну, а наверх дастаць? Над зрубам не нахілішся: усё-такі страшна. Нас ганялі ад калодзежа амаль усе, хто большы.
(233 словы)

Паводле Я. Брыля