Яшчэ ў маленстве Ефрасіння Полацкая вырашыла прысвяціць сваё жыццё бедным і гаротным людзям. Яна спачатку жыла ў Сафійскім саборы. Чытала і перапісвала кнігі. Па просьбе Ефрасінні перапісаныя ёю кнігі прадавалі, а грошы раздавалі бедным. У тыя далёкія часы школ яшчэ не было. Дзяцей вучылі ў манастырах ці цэрквах.
Полацкі князь і баяры сабралі грошы, запрасілі найлепшых муляраў і цесляў, каб пабудаваць непадалёку ад горада новы манастыр. Завіравала будоўля пад Полацкам. Неўзабаве за манастырскай агароджаю ўзняўся цэлы гарадок з цэрквамі, хатамі, каплічкамі і студнямі. Настаяцельніцай гэтага жаночага манастыра стала Ефрасіння.
Пацягнуліся ў новы манастыр і людзі. Многія палачане імкнуліся аддаць сюды сваіх дачок. Ефрасіння вучыла дзяўчынак не толькі чытаць і пісаць, але і рабіць розную хатнюю работу: шыць, гатаваць ежу, вышываць і нават спяваць. Манашкі самі пасвілі статак, даглядалі свойскіх жывёл, хадзілі ў лес у грыбы і ягады. Сваім набыткам яны дзяліліся з беднымі людзьмі, давалі прытулак падарожным.
Ефрасіння вучыла людзей паважаць адзін аднаго, заклікала спыніць войны. Яна казала, што зброя прыносіць у хату замест хлеба горыч і слёзы.
(170 слоў)
Паводле С. Тарасава