Уехалі ў лес і згубіліся ў зялёных вяршынях соснаў. Дрэвы стаялі яшчэ мокрыя. Добра тут хвастаў начны дождж, шмат назбіваў лісця. Нават былі абламаны некаторыя танчэйшыя галіны. У ручаях, што шыліся праз траву і мох, плыло збітае дажджом лісце.
Спусціліся на конях у сырую лагчыну. Лес тут перарваўся вялікім прагалам-палянаю. Леваруч ад сцежкі ўбачылі агромністы таўсматы дуб. Начны ветравал вывернуў яго з зямлі, паклаў на бок. Шырокія лісты падсвечвала сонца. Дужа шмат жалудоў было на дубе, шмат іх было рассыпана ў траве. На бугорыстай, пасечанай сякерамі гадоў, кары пырхалі бліскучыя стракозы. Даўжэзныя карані, што яшчэ зусім нядаўна жылі пад зямлёй, бездапаможна тапырыліся ў неба, высушваліся сонцам і ветрам і ўвачавідкі бялелі.
Далібор убачыў заліты сонцам узгорак, дзе стаяла светлая дуброва.
(120 слоў)
Паводле Л. Дайнекі
Похожие статьи:
Пераказы → Вартаўнік памяці
Пераказы → Зялёная Дуброва