Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Далей ад людзей

   Пакуль развіднела, ён быў ужо ў лесе, раздумна плёўся па блытаных, пратаптаных жывёлай сцяжынках і думаў, дзе б яму прыткнуцца на дзень. Мусіць, сюды зноў прыгоняць кароў – яму тут месца няма. Тады дзе ж яно ёсць? Канешне, дзе далей ад жытла і людзей, ад поля і сенажацяў. Значыць, зноў трэба плесціся ў расцяробы ці ў той дальні змрочны ельнік, на балотныя імшарыны. Разважыўшы, усё ж вырашыў, што лепш – у расцяробы. Там, ведама, небяспечней, чым у ельніку, затое ў тым баку поле і бульбянішча, на якое яму трэба будзе схадзіць. Як заўжды, зранку пачало дужа смактаць пад грудзямі: хацелася есці. Журавіны ён амаль усе з’еў уначы, яны кепска спатольвалі голад, толькі праганялі смагу.
   У лесе ўжо настаў дзень, было відно, навокал сцішана драмалі елкі, не варушыўся ніводзін лісцік у жаўтлявым вецці бяроз. Здаецца, усталявалася добрае, без дажджу надвор’е, можа, нават пачнуцца прымаразкі. Тады ўраз пачарнее лісце алешын, золатам зажаўцее бярэзнік, дружна пацярушыць лістапад. Праз нейкі нядоўгі час лісцвяны лес стане скразны для позірку – усё жывое ў ім будзе бачна здалёк. Мусіць, тады яму будзе горш... Але ён не хацеў думаць пра тое, што будзе, ён жыў адным днём, ягоныя клопаты не ішлі далей наступнага вечара.
(194 словы)

Паводле В. Быкава