Ля агароджы парку Гіта ўбачыла каменне, размаляванае чорнай і чырвонай фарбаю, і ўголас здзівілася. Таксіст ахвотна растлумачыў: здымалі, маўляў, нядаўна фільм пра вайну. Ён нават удзельнічаў у масавай сцэнцы і, спадзяецца, здымацца будзе яшчэ. У яго, на думку рэжысёра, вельмі каларытны твар.
– Твар – гэта вельмі важна ў кіно, але галоўнае – праца, – запярэчыў Сушко.
Таксіст змоўк, потым пачаў насвістваць, даючы зразумець, што ў яго ёсць і свой погляд на акцёрскую працу, і свой клопат і пасажыры яго зусім не цікавяць. Гэта ўзрадавала Сушко. Ён мог ціха размаўляць з Гітай, глядзець на яе, хвалюючыся ад блізкасці з жанчынай. Яна ж зусім нядаўна – гадзіна нейкая не мінула! – была зусім невядомая і недасягальная. Недасягальнасць захавалася, асталася, але цяпер яна не турбавала, мала яго непакоіла.
Сушко шмат расказваў Гіце пра свой горад на Дзвіне, пра сваю працу. Яна слухала з увагаю. Размаўлялі і пра артыстаў і кінафільмы. Гіта глядзела многія фільмы, мела сваю думку пра іх, магла абараняць яе, рабіла гэта часам вельмі ўдала і добра. Яна спрачаецца не дзеля простай спрэчкі, а імкнецца пераканаць яго, Сушко, у правільнасці сваіх высноў. Ён знарок, у душы не пагаджаючыся з некаторымі яе меркаваннямі, пярэчыў, падахвочваў Гіту кароткімі пытаннямі.
Таксіст першым выбраўся з машыны, стаў на ўзбочыне, аглядаў узорчатыя палі, скрыжаваўшы рукі на грудзях.
(206 слоў)
Паводле А. Савіцкага