Сады ў тую вясну зацвілі напярэдадні мая. Зацвілі буйна, на ўсю сваю неадольную сілу. Нібы хто з агромністага каўша абліў яблыні, грушы, вішні ружавата-белай пенай, і яны ўхуталіся ў яе ад вершалін аж да самай зямлі.
Дзіўна было глядзець на ўсё гэта. Дзіўна і радасна. Вайна, смерць, а сады цвітуць, жывуць, не хочуць здавацца.
І людзі жывуць, цягнуцца да жыцця, нягледзячы ні на што. Здавалася б, што цяпер дзеду Лук’яну да саду. Яблыкі з яго ўсё роўна немцы забяруць. Хай сабе цвіце, расце як хоча. Дык не. Паклікаў Якімку і павёў у сад...
(93 словы)
Паводле Я. Курто