Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Веласіпед

   Веласіпед у нашым пасёлку быў як для цыгана конь. Моду гэтую, дарэчы, завяла цётка Броня і дзядзька Альфонс, якія пераехалі да нас аднекуль з Заходняй Беларусі. Нават іх дачка, мая равесніца Зойка, спрытна круціла педалі. І на яе загарэлых ножках крута ўздымаліся мышцы ды калыхалася-гайдалася кароценькая спаднічка ў такт рухам.
   І вось пасля прыезду Ермашкевічаў на веласіпед патроху сталі перасядаць дарослыя і дзеці. Адным з апошніх купіў бліскучы нікеліраваны "дарожнік" дзядзька Іван Чарнічэнка, што пасвіў людскіх кароў ды вартаваў на канюшні.
   А вось у нашай сям’і веласіпеда не было. Бацька не мог ездзіць з адной рукой. На маю просьбу купіць мне хаця б "Школьнік" адказваў, што грошай не хапае. Хлопцы, і малодшыя, і старэйшыя за мяне, цяпер штовечар выпісвалі кругі па нашым завулку. Тыя, хто не даставаў да рамы, неяк спрытна прыладкаваліся круціць педалі, падсунуўшыся збоку пад яе, віртуозна віхляючыся і выклікаючы шчырае захапленне дарослых.
   Мне ж давалі пакатацца, калі хто стаміўся або калі я выйграваў якую-небудзь гульню. Гулялі ж цяпер толькі на веласіпед. Памятаю першае адчуванне салодкага палёту, калі мякка гудуць па гравійцы тонкія шыны, ногі толькі кончыкамі пальцаў дастаюць да педаляў, паслухмяна вібрыруе пад рукамі руль, а вецер тоненька пасвіствае ў вушах, ствараючы гэты дзіўны імклівы палёт…
(200 слоў)

Паводле Н. Гальпяровіча

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЗубраня

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Цыркач