Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Белыя ночы восені

   Той ноччу, пад раніцу, я прачнуўся сам, без Сярожавай дапамогі: ён яшчэ спаў. Расплюшчыўшы вочы, я разгледзеў над сабой месяц, убачыў на дзіва вузкія пёры воблакаў. Празрыстыя, быццам марлевыя, воблакі распаўзліся па ўсім небе, і яно нагадвала зямлю, такую белую ад туману. Нібыта і тут, вакол капы, і там, вакол месяца, слалася адна і тая ж стыхія, а берагі ў іх былі таксама адны: круг лесу. Гэтыя берагі ледзьве праглядваліся, але разам з тым, як і ўсе берагі для вандроўнікаў, сваім далёкім цяплом абяцалі штосьці ўжо страчанае і нешта яшчэ не набытае. Я ляжаў тварам да неба, і свежая глыбіня ночы скіроўвала мае думкі ўжо не назад, да сну, а да цвярозай развагі і пражытай рэальнасці: там, у малюнках перажытага, слаліся такія ж белыя ночы. Адна з іх як ружовы сон. У той ночы мы з бацькам ляжым на возе пад такім жа сцюдзёным асеннім небам, і мне гэтак жа, як і цяпер, цёпла ў ногі, але не таму, што яны ў ботах і сене – нічога гэтага не было, – а таму, што бацька развязаў мех з хатнім рыззём і загадаў мне ўтачыць туды ногі. Мы вязём свае пажыткі на чыгунку, якой будзем вяртацца з бежанства. І другая ноч: паром у тым жа восеньскім тумане, і мы ўсёй сям’ёй сядзім на мяккіх клунках, плывучы за Волгу. Бывалі і яшчэ не менш белыя ночы восені, але на ўспамін прыходзяць тыя дзве.
(228 слоў)

Паводле В. Карамазава