Белавежскі зубр – самы буйны прадстаўнік беларускай фаўны. Даўжыня цела зубра дасягае трох з паловай метраў, вышыня ў карку – да адной цэлай васьмідзесяці пяці сотых метра, маса самцоў складае семсот – восемсот кілаграмаў, самак – чатырыста – шэсцьсот кілаграмаў. Пярэдняя частка тулава зубра масіўная, шыя кароткая, галава адносна невялікая з парай серпападобных рагоў. Поўсць бурая, зімой вельмі густая.
На пачатак дваццатага стагоддзя зубр захаваўся толькі ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, але хутка быў знішчаны. Дзякуючы паспяховаму развядзенню і рассяленню ў тысяча дзевяцьсот восемдзесят пятым годзе зубры існавалі ў дзевятнаццаці месцах. У Беларусі зубры жывуць у Белавежскай пушчы, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Барысаўскім лясгасе.
Месцам пражывання зубра з’яўляюцца лісцевыя і змешаныя лясы, якія перамяжоўваюцца з палянамі і паплавамі. У вясенне-летні перыяд зубры трымаюцца ў месцах з добра развітым разнатраўем, увосень канцэнтруюцца ў дубровах або ў хвойных і змешаных лясах, зімой – у асноўным паблізу падкормачных пунктаў.
Для зуброў характэрны сямейна-групавы спосаб жыцця. Лідарам статка з’яўляецца вопытная дарослая самка. Працягласць жыцця зуброў – дваццаць тры – дваццаць сем гадоў.
Ахоўваецца ў Беларусі з тысяча дзевяцьсот сорак шостага года. З тысяча дзевяцьсот восемдзесят першага года зубр уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.
(181 слова)
Паводле Чырвонай кнігі Беларусі