Возера Бабровіцкае. Невыказная ласкавая шэрасць цёплай, амаль зусім спакойнай вады. Навокал – пена пасля нядаўніх баранчыкаў з бела-стракатымі на цёплай шэрасці палоскамі. Мы вярталіся ў імклівай маторцы, над намі тарахцеў верталёт геолагаў, знаёмых старшыні калгаса, які вадзіў нас па гэтых мясцінах.
Там, дзе раней былі Бабровічы, цяпер растуць маладыя бярозы, буяе трава. З-за купіны выскачыў заяц. Пустэча.
У новых, адбудаваных на другім месцы, Бабровічах мы зноў, як і ў іншых паселішчах, як і ўчора і пазаўчора, запісвалі расказы ацалелых.
Высока зверху – над светлым пакоем калгаснай бібліятэкі, дзе мы слухалі людзей, над новай вялікай вёскай, над усім гэтым азёрна-лясным кутком заходняга Палесся – да самых касмічных арбіт жыве, бушуе ў сонцы наша перамога, у свеце наспяваюць новыя небяспекі, ідзе змаганне за тое, каб яны не прыйшлі.
Унізе, у глыбінях народнага жыцця, у жыццядайнай прастаце яго крынічаць раны памяці, якія нічым не загоіш...
(139 слоў)
Паводле А. Адамовіча